А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Э)

Суб, 30 жніўня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Эблаіцкая – мова старажытнай цывілізацыі Эбла, якая існавала на тэрыторыі паўночнага захада Сірыі ў ІІІ тысячагоддзі да н. э. Належыць да афразійскай сям’і, семіцкай групы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з шумерскай. Захавалася ў шматлікіх пісьмовых помніках – клінапісных гліняных таблічках.
Эве (эвегбе) – адна з моваў ква. Распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Ганы. Колькасць носьбітаў – 5,7 мільёнаў чалавек. Вялікія адрозненьні паміж дыялектамі. Адзінай літаратурнай мовы няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Ёсць сістэма музычных тонаў. Пісьмовасць на базе лацінскай графікі з канца ХІХ стагоддзя. Друкуецца пераважна рэлігійная і навучальная літаратура.
Эвенкійская (тунгуская) – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі Эвенкіі (аўтаномная акруга ў складзе Расіі). Невялікія групы эвенкаў пражываюць на тэрыторыі Манголі і Кітая. Агульная колькасць носьбітаў – каля 30 тысяч чалавек. Многія з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Тры групы дыялектаў: паўночная, паўднёвая, усходняя. Літаратурная мова засноўваецца на адным з паўднёвых дыялектаў – палігусаўскім. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па склонах. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай мовы. Пісьмовасць з 1931 г. на базе лацінскай графікі, а з 1937 г. – на базе кірыліцы.
Эвенская (ламуцкая) – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, а таксама ў некаторых раёнах Якутыі і Магаданскай вобласці. Колькасць носьбітаў – каля 7 тысяч чалавек, амаль усе яны валодаюць таксама рускай. Тры групы дыялектаў: усходняя, заходняя, сярэдняя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай, каракскай і юкагірскай моваў. Пісьмовасць з 1931 г. – на лацінскай графічнай аснове, а з 1936 – на кірылічнай. Выкарыстоўваецца вельмі абмежавана.
Эламская – адна з дравідыйскіх моваў. Была распаўсюджаная ў паўднёвай частцы Іранскага нагор’я ў ІІІ – І тысячагоддзі да н. э., добра вывучаная па пісьмовых помніках. У граматыцы спалучаюцца элементы сінтэтызма і аналітызма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, па склонах не змяняецца. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і рэдублікацыя кораня. У лексіцы запазычанні з акадскай і старажытнаперсіцкай моваў. Першыя помнікі эламскай мовы выкананы іерагліфічным пісьмом, у больш позні перыяд ужываўся складавы клінапіс на гліняных таблічках.
Эмаэ (маэ) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспе Эмаэ, якая ўваходзіць у склад Вануату. Колькасць носьбітаў каля 200 чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пісьмовасці няма.
Энецкая (енісейска-самаедзкая) – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Распаўсюджаная на тэрыторыі паўночнай часткі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Колькасць носьбітаў – каля 200 чалавек, амаль усе яны таксама валодаюць ненецкай, некаторыя яшчэ і рускай. Два дыялекты: тундравы (бай) і лясны (маду або самату). У памешаных энецка-ненецкіх сем’ях гавораць толькі па-ненецку. Літаратурнага наддыялектнага варыянта няма. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных: ne ‘кабета’, n? ‘іголка’. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, вінавальны, давальна-накіравальны, месна-творны, аддзяляльны, падоўжны. Граматычнага роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці таксама няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае формы цяперашняга, мінулага і будучага часу, а таксама плюсквамперфекта (апошняя форма вылучаецца не ўсімі даследчыкамі). Вельмі складаная сістэма ладоў. Аснаўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Большая частка лексікі – агульнасамадыйскага паходжання, ёсць запазычанні з ненецкай, нганасанскай і рускай моваў. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Энінтыльяква (аніндыльяква) – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Родасных моваў не мае. Распаўсюджаная на выспе Грут-Айлэнд, якая знаходзіцці на поўнач ад Аўстралійскага кантынента ў заліве Карпентарыя. Колькасць носбітаў па розных далзеных ад адной да трох тысяч чалавек. Толькі два галосныя гукі: [ы] і [а]. Сістэма зычных гукаў уключае наступныя класы: білібіальныя, велярныя агубленыя, велярныя неагубленыя, палатальныя, дэнтальныя, альвеалярныя, рэтрафлексіўныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Эрзянская – адна з дзвюх мардоўскіх моваў. Уваходзіць ва ўральскую сям’ю, фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, волжскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў Мардовіі і памежных з ёй рэгіёнах Расіі. Прыблізная колькасць носьбітаў – 650 тысяч чалавек. Амаль усе яны ў рознай ступені валодаюць таксама рускай. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Націск свабодны, але часьцей – на першым складзе. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па пятнаццаці склонах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Ёсць паслялогі. Катэгорыі рода няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці таксама няма. Дзеяслоў утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па асобах, мае складаную сістэму ладоў і часоў. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы шмат запазычанняў з татарскай, чувашскай і рускай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да XVIII стагоддзя. Сучасная літаратурная мова сфармавалася ў 30-я гады ХХ стагоддзя.
Эселенская – ізаляваная індзейская мова. Была распаўсюджана на цэнтральным узбярэжжы Каліфорніі на поўдзень ад цяперашняга г. Мантрэй. Выйшла з ужытку ў ХІХ ст. Уласнай пісьмовасці няма. Захаваліся асобныя нешматлікія запісы гэтай мовы, зробленыя місіянерамі.
Эскімоская – адна з эскімоска-алеуцкіх моваў. Распаўсюджаная ў Грынландыі, на Алясцы і ў паўночных раёнах Канады. Невялікая колькасць эскімосаў пражывае ў Расіі на Чукотцы (так званыя азіяцкія эскімосы). Агульная колькасць носьбітаў – каля 105 тысяч чалавек. Адрозненні паміж дыялектамі перашкоджваюць узаемапаразуменню паміж іх носьбітамі, ў выніку чаго шэраг навукоўцаў гаворыць не пра эскімоскую мову, а пра асобныя эскімоскія мовы. У Грынландыі і канадзкай аўтаноміі Нунавут эскімоская мова мае статус афіцыяльнай. У граматыцы спалучаюцца элементы аглюцінацыі і інкарпарацыі. Колькасць склонаў у розных дыялектах – ад 7 да 8. Ува ўсіх дыялектах апрача грынландскага – адзіночны, множны і парны лік. У грынландскім парны лік згубіўся пад уплывам дацкай мовы. Артыкляў няма. Пісьмовасць у Грынландыі і на Алясцы – на лацінскай графічнай аснове, на Чукотцы – на кірылічнай (ужываецца вельмі абмежавана). Эскімосы Канады карыстаюцца арыгінальным складавым пісьмом, створаным місіянэрамі ў ХІХ стагоддзі. Літаратурна-пісьмовая норма для кожнага з дыялектаў свая. Найстарэйшая літаратурная традыцыя – у грынландзкіх эскімосаў – больш за два стагоддзі. У лексіцы эскімосаў Грынляндыі – запазычанні з дацкай мовы, у лексіцы эскімосаў Нунавута – з ангельскай.
Эсперанта – адна з штучных моваў міжнароднай камунікацыі. Створаная ў 1887 г. Людвігам Лазарам Заменгофам. Назвай мовы стаўся псеўданім Заменгофа, пад якім ён апублікаваў сваю кнігу, прысвечаную гэтай штучнай мове: д-ръ Эсперанто, d-ro Esperanto (esperanto – дзеепрыметнік незалежнага стану ад дзеяслова esperi ‘спадзявацца’). Эсперанта першапачаткава распаўсюджвалася ў Расеі і Польшчы, але ўжо к пачатку 20-х гадоў ХХ стагодзя рух эсперантыстаў набывае шырокі міжнародны характар. У цяперашні час мовай эсперанта ў розным аб’ёме карыстаецца ў свеце каля 10 мільёнаў чалавек, выходзіць каля 140 перыядычных выданняў. Галосныя гукі: [a], [o], [e], [i], [u]. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Зычныя гукі: [b], [c] (афрыката Ц), [d], [f], [g], [?] (афрыката ДЖ), [h], [?] (гук, падобны да беларускага Х, у сучаснай версіі эсперанта звычайна замяняецца на [k]), [j], [k], [l], [m], [n], [p], [r], [s], [t], [?] (гук, падобны да беларускага Ў), [v], [z]. Націск заўсёды падае на перадапошні склад. У граматыцы эсперанта спалучаюцца аглютынацыя і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Суплетыўнасці, інфіксацыі, а таксама нерэгулярных формаў скланення або спражэння няма. Усе назоўнікі ў зыходнай форме (назоўны склон адзіночнага ліку) маюць канчатак –о, прыметнікі – канчатак –а, дзеяслоў у форме інфінітыва –і, прыслоў’е –е. Назоўнік утварае сынтэтычныя формы адзіночнага і множнага лікаў, змяняецца па двух склонах: назоўны (агульны) – knabino ‘дзяўчына’, knabinoj ‘дзяўчыны’; вінавальны (мае канчатак –n) – knabinon ‘дзяўчыну’, knabinojn ‘дзяўчын’. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў: domo de la rektoro ‘дом рэктара’, letero al la rektoro ‘ліст рэктару’, skribi per krejono ‘пісаць алоўкам’ і інш. Ёсць акрэслены артыкль la. Усеагульнай катэгорыі роду няма, але назоўнікі, якія абазначаюць жывых істотаў, заўсёды маюць значэнне пола: patro ‘бацька’, patrino ‘маці’; kato ‘кот’, katino ‘котка’; studento ‘студэнт’, studentino ‘студэнтка’. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і склоне: granda ?amdro ‘вялікі пакой’, grandaj ?amdroj ‘вялікія пакоі’; bona studento ‘добры студэнт’, bonan studenton ‘добрага студэнта’, bonajn studentojn ‘добрых студэнтаў’. Ступені параўнання ўтвараюцца аналітычна: nova ‘новы’, plu nova ‘навейшы’, la plej nova ‘найноўшы’. Дзеяслоў не зменяецца па асобах і ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга, мінулага і будучага часу: mi skribas ‘я пішу’, mi skribis ‘я пісаў’, mi skribos ‘я буду пісаць, напішу’. Ва ўмоўным і загадным ладзе формаў часу няма: mi skribus ‘я бы пісаў’, skribu! ‘пішы!’ Два станы: незалежны (mi amas ‘я кахаю’) і залежны (mi estas amata ‘мяне кахаюць’). Ёсць дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. Дзякуючы адназначнасці словаўтваральных афіксаў можна заўсёды зразумець значэнне слова, утворанага ад вядомага кораня. Антонімы, напрыклад, утвараюцца пры дапамозе прыстаўкі mal- : bona ‘добры’, malbona ‘кепскі’; nova ‘новы’, malnova ‘стары’. Нароўні з афісацыяй актыўна ўжываецца і словаскладанне: man?o ‘ежа’, ?ambro ‘пакой’, man?o?ambro ‘ядальня’. Большая частка каранёў запазычаная з лацінскай, грэцкай, ангельскай, французскай і нямецкай моваў; ёсць нешматлікія карані славянскага паходжання, як, напрыклад, у дзеяслове gladi ‘прасаваць’ (ад рускага “гладить”). Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з дыякрытычнымі знакамі. Асноўны арфаграфічны прынцып – “адзін гук – адна літара”.
Эстонская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Дзяржаўная мова Эстонскай Рэспублікі. Колькасць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Тры групы дыялектаў: паўночная, паўднёвая і паўночна-ўсходняя. Галосныя гукі: [a], [?], [e], [i], [u], [o], [?] (гук кшталту беларускага Ы). Ёсць дыфтонгі. Зычныя гукі: [b], [d], [f], [g], [h], [j], [k], [l], [m], [n], [p], [r], [s], [t], [v], [?]. Cупрацьпастаўлляюцца кароткія, доўгія і звышдоўгія гукі, як галосныя, так і зычныя. Супрацьпастаўлення звонкіх і глухіх зычных няма. Так, літарай g на пісьме пазначаецца не звонкі, а мінімова напружаны кароткі выбухны заднеязычны; больш напружаны доўгі выбухны заднеязычны пазначаецца на пісьме літарай k, а звышдоўгі выбухны заднеязычны спалучэннем літар kk. Аналагічныя адносіны мы назіраем паміж гукамі, якія пазначаюцца на пісьме як d, t і tt. Ва ўсіх іншых выпадках доўгія і звышдоўгія гукі, як зычныя, так і галосныя, пазначаюцца на пісьме аднолькава: падвоенай літарай. Гук [f] зьяўляецца факультатыўным для эстонскай мовы і сустракаецца толькі ў невялікай колькасці запазычаньняў ХХ стагоддзя. У больш старых запазычаннях гэты гук перадаецца як [v] (напр. Vaabrik ‘фабрыка’) Выключна ў замежных словах сустракаецца і гук [?]. Націск фіксаваны, заўсёды падае на першы склад слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі флексіі, як вонквай, так і ўнутранай. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырнаццаці склонах: намінатыў – raamat ‘кніга’, raamatud ‘кнігі’; генетыў – raamatu ‘кнігі’, raamatude ‘кнігаў’; партытыў – raamatut ‘кнігі (частка)’, raamatuid ‘кнігаў (частка)’; інэсіў – raamatus ‘у кнізе’, raamatudes ‘у кнігах’; элятыў – raamatust ‘з кнігі’, raamatudest ‘з кніг’; ілятыў – raamatusse ‘у кнігу’, raamatudesse ‘у кнігі’; адэсіў – raamatul ‘на кнізе’, raamatudel ‘на кнігах’; аблятыў – raamatult ‘з паверхні кнігі’, raamatudelt ‘з паверхняў кніг’; алятыў – raamatule ‘на кнігу, кнізе’, raamatudele ‘на кнігі, кнігам’; абэсіў – raamatuta ‘без кнігі’, raamatudeta ‘без кніг’; эсіў – raamatuna ‘у якасці кнігі’, raamatudena ‘у якасці кнігаў’; тэрмінатыў – raamatuni ‘да кнігі’, raamatudeni ‘да кнігаў’; транслятыў – raamatuks ‘для кнігі’, raamatudeks ‘для кнігаў’; камітатыў – raamatuga ‘кнігай, з кнігай’, raamatudega ‘кнігамі, з кнігамі’. Катэгорыі роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці таксама няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і склоне, утварае ступені параўнаньня: julge ‘мужны’, julgem ‘мужнейшы’, k?ige julgem ‘наймужнейшы’. Прыналежных прыметнікаў у эстонскай мове няма. Іх функцыі выконвае родны склон адпаведнага назоўніка; так, словазлучэнне “коткін дом” можа быць перакладзенае на эстонскую толькі як kassi maja (літ.: коткі дом). Дзеяслоў утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па асобах: ma armastan ‘я кахаю’, sa armastad ‘ты кахаеш’, ta armastab ‘ён (яна) кахае’, me armastame ‘мы кахаем’, te armastate ‘вы кахаеце’, nad armastavad ‘яны кахаюць’. Нароўні са станоўчым спражэннем ёсць і адмоўнае, формы якога ўтвараюцца аналітычна: ma ei armasta ‘я не кахаю’, sa ei armasta ‘ты не кахаеш’, ta ei armasta ‘ён (яна) не кахае’, me ei armasta ‘мы не кахаем’, te ei armasta ‘вы не кахаеце’, nad ei armasta ‘яны не кахаюць’. Апрача формаў цяперашняга часу эстонскі дзеяслоў утварае ў абвесным ладзе таксама формы імперфекта, перфекта і плюсквамперфекта. Імперфект, як і цяперашні час утвараецца ў станоўчых формах сінтэтычна, а ў адмоўных формах аналітычна: ma armastasin ‘я кахаў’, sa armastasid ‘ты кахаў’, ta armastas ‘ён (яна) кахаў(ла)’, me armastasime ‘мы кахалі’, te armastasite ‘вы кахалі’, nad armastasid ‘яны кахалі”. Формы перфекта і плюсквамперфекта цалкам утвараюцца аналітычна: першыя пры дапамозе асабовых формаў цяперашняга часу дзеяслова olema ‘быць’ і дзеепрыметніка на –nud, а другія – пры дапамозе асабовых формаў імперфекта таго жа дзеяслова і дзеепрыметніка на –nud. Перфект: ma olen armastanud, sa oled armastanud, ta on armastanud, me oleme armastanud, te olete armastanud, nad on armastanud. Плюсквампэрфэкт: ma olin armastanud, ma olid armastanud, ta oli armastanud, me olime armastanud, te olite armastanud, nad olid armastanud. Будучага часу як асобнай граматычнай катэгорыі ў эстонскай мове няма. Значэнне прышласці ў некаторых кантэкстах можа перадавацца пры дапамозе асабовай формы цяперашняга часу дзеяслова hakkama ‘пачынаць’ і інфінітыва смыславога дзеяслова: ma hakkan t??tama ‘я буду працаваць’. Апрача абвеснага ладу ёсць таксама загадны лад (ela ‘жыві’, elage ‘жывіце’), дапушчальны лад (t??tavad ‘здаецца, што жыву/ жывеш/ жыве’) і кандыцыянал. Ёсць дзеепрыметнікі. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і суфіксацыя. У лексіцы ёсць запазычанні са славянскіх і германскіх моваў, невялікая кольксць запазычанняў з латышскай. Пры гэтым гучанне і напісанне запазычаных словаў часта значна мяняецца ў параўнаньні з тым, як яны вымаўляліся ў мове-крыніцы: raamat ‘кніга’ (руск. “грамота”), leib ‘хлеб’ і інш. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі (асобныя сказы і глосы) належаць да ХІІІ стагоддзя. Першая друкаваная кніга выйшла ў 1537 г.
Этруская – мова дарымскага насельніцтва паўночнай Італіі. Уваходзіць у тырэнскую сям’ю. Была распаўсюджаная ў гэтым рэгіёне да І стагоддзя н. э., калі была канчаткава выціснутая лацінскай. Захавалася ў шматлікіх пісьмовых помніках, пераважна кароткіх напісах на цвёрдых прадметах. Націск фіксаваны на першым складзе. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У некаторых выпадках сустракаецца ўнутраная флексія: clan ‘сын’, clener ‘сыны’. Назоўнік змяняецца па дзевяці склонах, дзеяслоў мае катэгорыі часу, ліку, стану. У лексіцы асобныя запазычанні з грэцкай і лацінскай моваў. Тыповы парадак словаў у сказе “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць алфавітная, разгледжваецца як адна з магчымых крыніцаў лацінскаго пісьма.
Этэакіпрская – мова дагрэцкага насельніцтва Кіпра, уваходзіць у тырэнскую сям’ю. Захавалася ў нешматлікіх помніках, выкананых кіпрскім складавым пісьмом. Некаторыя з напісаў маюць грэцкі пераклад. Пераважаюць сінтэтычныя формы перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя.
Эяк – адна з індзейскіх моваў сям’і на-дэне. Была распаўсюджана на паўднёвым усходзе Аляскі. Канчаткава выйшла з ужытку ў 2008 г. па смерці апошняга носьбіта. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.