А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Ш)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Шаенская (шэенская, чэен) – аддна з індзейскіх моваў Паўночнай Амерыкі. Уваходзіць у алганкіна-рытванскую сям’ю, алганкінскую групу. Распаўсюджаная ў ЗША, у Паўночнай Шаенскай рэзервацыі на тэрыторыі штатаў Мантана і Аклахома. Колькасць носьбітаў – каля 1700 чалавек. Мова тонавая. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Шампэнг – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у нікабарскую групу. Распаўсюджаная ўва ўнутраных раёнах выспы Вялікі Нікабар (архіпэляг Нікабарскія Выспы, належыць Індыі). Колькасць носьбітаў на 1982 г. 214 чалавек, большасць з іх іншымі мовамі не валодае. У граматыцы сумяшчаецца ізаляцыя і двухбакавая аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з пачатку ХХ стагоддзя.
Шанская – адна з тайскіх моваў. Распаўсюджаная на Шанскім нагор’і на паўночным усходзе Мьянмы (Бірмы). Асобныя групы шанаў пражываюць таксама ў Кітаі, Таіландзе, Лаосе. Колькасць носьбітаў – каля 3 мільёнаў чалавек. Тры асноўныя дыялекты: тай-лонг, тай-ле, тай-маў. Адрозненні паміж дыялектамі палягаюць пераважна ў галіне лексікі і фанетыкі. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Мова тонавая. Выкарыстоўваецца складавая пісьмовасць, створаная на ўзор індыйскіх сістэмаў пісьма. Першыя літаратурныя помнікі, пераважна рэлігійнага зместу, належаць да XVIII стагоддзя.
Шатландская (шкоцкая) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, гэльскую падгрупу. Распаўсюджаная ў паўночна-заходняй Шатландыі (Шкоцыі) і на Гебрыдскіх Выспах. Колькасць носьбітаў – меньш за 100 тысяч чалавек. Практычна ўсе яны двухмоўныя, валодаюць таксама ангельскай. Па паходжанню зьяўляецца дыялектам ірландскай. Сучасная літаратурная норма канчаткава сфармавалася ў пачатку ХІХ стагоддзя. У фанетыцы супрацьпастаўленне галосных па даўжыне. Націск эспіраторны, за выключэннем нядаўніх запазычанняў з ангельскай, заўсёды падае на першы склад. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: назоўны і родны. У кніжных формах мовы захоўваецца таксама давальны, страчаны гутарковай мовай яшчэ ў XVIII стагоддзі. Парадак словаў у сказе жорстка фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. Большую частку лексыкі (каля 75 %) складаюць словы, агульныя для шатландскай і ірландскай моваў. Ёсць запазычанні з ангельскай і скандынаўскіх моваў. Асобныя словы гіпатэтычна паходзяць з пікцкага субстрату. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з пачатку XVI стагоддзя. У арфаграфіі шмат гістарычных напісанняў, якія не апавядаюць сучаснаму вымаўленню. Найстаражытнейшыя помнікі пісьмовасці выкананыя кельцкім агамічным пісьмом на цвёрдых рэчаў.
Шауйя – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у бербера-лівійскую групу. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах Алжыра. Колькасць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Некаторая частка з іх дзвюхмоўная, валодае таксама арабскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасці няма.
Шаўрасэні – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Належыць да ліку сярэдняіндыйскіх літаратурных моваў – пракрытаў. Назву атрымала па вобласці Шаўрасэна вакол горада Матхура (сучасны штат Утар-Прадэш). Мова сфармавалася пад значным уплывам з боку санскрыта. Захавалася ў пісьмовых помніках. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік мае катэгорыю роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), змяняецца па сямі склонах (назоўны, родны, вінавальны, творны, адкладальны, месны, клічны), утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае таксама граматычныя катэгорыі часу (цяперашняе, будучае, мінулае), трывання, ладу, стану, рода. Звычайны парадак словаў: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць індыйская, складавая.
Шашонская – адна з індзейскіх моваў Паўночнай Амерыкі, належыць да юта-ацтэкскіх моваў. Распаўсюджаная ў ЗША у штатах Каліфорнія, Нэвада, Айдаха, Вайомінг, Арэгон, Юта. Агульная колькасць носьбітаў – каля 1,4 тысяч чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, валодаюць таксама ангельскай. Вялікія адрозненні паміж дыялектамі, некаторыя дасьледчыкі разгледжваюць іх як асобныя блізкародасныя мовы. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая.
Шведская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, паўночнагерманскую (скандынаўскую) падгрупу. Распаўсюджаная ў Швецыі, дзе мае статус дзяржаўнай мовы, і на Аладскіх Выспах (аўтаномія ў складзе Фінляндыі). Колькасць носьбітаў – звыш за 10 мільёнаў чалавек. Шэсць дыялектных групаў: свейская, ецкая, усходнешвэдзкая, нарландзкая, гунтыйская, паўднёвашведская. Дыялекты апошняй групы вельмі блізкія да дацкай мовы. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, а таксама двух склонаў: назоўнага і роднага. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе парадка словаў і прыназоўнікаў. Два граматычныя роды: агульны (мужчынска-жаночы) і ніякі. Ёсць артыклі: акрэслены і неакрэслены. Пры гэтым акрэслены артыкль можа выступаць у дзвюх формах: у якасці асобнага слова і ў якасьці аглютынаванага постпазітыўнага фарманта. Неакрэслены артыкль – заўсёды асобнае слова. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе і ліку, утварае сінтэтычныя формы ступеняў параўнання: mjuk ‘мягкі’, mjukare ‘мягчэйшы’, mjukast ‘наймягчэйшы’. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае катэгорыі стану і ладу, утварае формы дзеепрыметнікаў, інфінітыва і супіна. Парадак словаў у сказе фіксаваны. У лексыцы шмат запазычаньняў з грэцкай, лацінскай, нямецкай, французскай і ангельскай моваў. Апошнія трапілі ў шведзкую мову пераважна ў ХХ стагоддзі. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У старажытнасці выкарыстоўваўся таксама германскі рунічны алфавіт.
Шона – адна з моваў банту. Распаўсюджаная на поўдні Афрыкі, пераважна ў Зімбабвэ, дзе яна з’яўляецца адной з дзяржаўных моваў. Колькасць носьбітаў – каля 10 мільёнай чалавек. Моцнае дыялектнае дзяленне. Літаратурная мова засноўваецца на дыялектах каранга і зезуру. Мова тонавая. Пісьмовасць на базе лацінскай графікі, створаная ў ХХ стагоддзі.
Шорская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная ў Кемераўскай Вобласці Расеі (пераважна ў Кузнецкім Алатау). Колькасць носьбітаў – каля 9 тысяч чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Два дыялекты: мраскі і кандомскі. Літаратурная мова – на базе мраскага дыялекта. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны, творны; мае таксама граматычную катэгорыю прыналежнасці: чолым ‘мой шлях’, чолын ‘твой шлях’, чолы ‘яго / яе шлях’, чолыбыс ‘наш шлях’, чолларын ‘ваш шлях’, чоллары ‘іхні шлях’. Граматычнага роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга сталага часу, цяперашняга дадзенага моманту, цяперашняга завочнага, недаўняга мінулага (шыктым ‘я толькі што выйшаў’), мінулага завочнага, мінулага звычайнага, мінулага падоўжанага, мінулага неажыцяўлёнае (аткалапкым ‘я яшчэ ня стрэліў’), будучага асноўнага, будучага магчымага. Нароўні са сцвярджальнымі формамі дзеяслова існуюць адмоўныя: шыкты ‘ён выйшаў толькі што’, шыкпады ‘ён не выхадзіў толькі што’. У іншых ладах дзеяслоў формаў часу не мае. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з мангольскай і рускай. Пісьмовасць з 1927 г. на базе кірыліцы, з 1930 г. на базе лацінскай графікі, а з 1937 – зноў на базе кірыліцы.
Шкоцкая – тое жа, што шатландская.
Шугнанская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Горным Бадахшане (Таджыкістан). Галоўны культурны цэнтар шугнанцаў – горад Харог. Колькасць носьбітаў – каля 100 тысяч чалавек. Многія з іх валодаюць таксама таджыкскай. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск падае на апошні склад. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, прамога і ўкоснага склонаў. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў, ладоў, станаў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове, створаная ў ХХ стагоддзі.
Шумашты – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу, цэнтральную падгрупу. Выкарыстоўваецца жыхарамі прыблізна 20 дамоў у вёсцы Бар Шумашт на тэрыторыі афганскай правінцыі Кунар. Дыялектнага дзяленьня няма. Мова вельмі кепска вывучаная. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, давальна-месны. Ёсць граматычны род: мужчынскі і жаночы. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Шумерская – ізаляваная мова. Была распаўсюджаная ў паўднёвай Месапатаміі. Выйшла з ужытку к пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. ў выніку асіміляцыі шумерамоўнага насельніцтва акадцамі; захавалася ў шматлікіх пісьмовых помніках. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. Множны лік назоўнікаў утвараецца пры дапамозе рэдублікацыі: kur ‘краіна’, kurkur ‘краіны’. Вялікія адрозненьні між мужчынскім і жаночым варыянтамі мовы, пераважна на лексічным узроўні. Пісьмовасць мае пераважна лагаграфічны характар, клінапіс на гліняных таблічках. Мова добра дэшыфраваная.
Шыллук – адна з шары-нільскіх моваў, уваходзіць у нілоцкую групу. Распаўсюджаная ў паўднёвых раёнах Судана. Колькасць носьбітаў – каля 370 тысяч чалавек. Дыялектнага дзялення амаль няма. Шырока выкарыстоўваецца інфіксацыя, а таксама музычны тон, які адрознівае, напрыклад, формы адзіночнага і множнага ліку. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Шыльх – тое жа, што ташэльхіт.
Шына – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардкую групу, усходнедардскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Пакістане на поўнач ад Кашмірскай даліны. Колькасць носьбітаў – каля 500 тысяч чалавек. Значнае дыялектнае дзяленне. Адзінай літараратурнай мовы няма. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Ёсць дыфтонгі ou і ?u. Націск свабодны. Два музычныя тоны, якія адрозніваюць асобныя словы. Так, напрыклад, назоўнік dak з роўным тонам мае значэнне ‘пошта’, а з узыходзячым – ‘глыток’. У граматыцы – спалучэнне аналітызма і флексіі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку і двух склонаў: прамога і ўкоснага. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе парадка словаў у сказе і паслялогаў. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў і ладоў. Два станы: незалежны і залежны. Асноўныя спосабы словаўтварэння – суфіксацыя і словаскладанне. Лексіка – пераважна спаконвечная. Ёсць запазычанні з урду, арабскай і персіцкай. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове ў мадыфікацыі урду, створаная ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя.
Шыраюгурская – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная ў Кітаі, у некаторых раёнах правінцыі Ганьсу. Колькасць носьбітаў – каля 1,5 тысяч чалавек. Амаль усе яны гавораць таксама па-кітайску. Дыялектнага дзялення няма. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск сілавы, заўсёды падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з кітайскай, тыбецкай і цюркскіх моваў. Мова беспісьмовая.
Шэенская – тое жа, што шаенская.
Суб, 30 жніўня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства