А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Я)

Суб, 30 жніўня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Яванская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная ў цэнтральных і ўсходніх раёнах выспы Ява (Інданезія). Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 76 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Марфалагічная структура слова вельмі простая, значная частка лексічных адзінак складаецца з аднаго толькі кораня. У лексіцы шмат запазычанняў з індыйскіх моваў, а таксама з арабскай, ангельскай і нідэрландскай. Мова мае багатую пісьмовую традыцыю. Першы помнік датуецца 737 г. Найстаражытнейшыя помнікі напісаныя індыйскімі па паходжанню пісьмовасцямі каві і палава. Потым на іх базе была створаная складавая пісьмовасць чакаран, якая выкарыстоўваецца і ў цяперашні час пры публікацыі літаратурных твораў мінуўшчыны. З ХІІІ – XIV стагоддзяў на Яву разам з ісламам прыходзіць арабскае пісьмо, якое ўжывалася паралельна з чакаранам. У цяперашні час пануе пісьмо на лацінскай графічнай аснове.
Ягнобская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Таджыкістане, пераважна ў даліне ракі Ягноб. Колькасць носьбітаў – каля 2,5 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама таджыкскай. Мае два асноўныя дыялекты: заходні і ўсходні, а таксама шэраг пераходных. У граматыцы спалучаюцца аглюцінацыя і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з таджыкскай, рускай, арабскай і ўзбекскай, якія складаюць больш за палову ўсяго слоўнікавага фонда. Пісьмовасць на базе таджыкскай кірыліцы, выкарыстоўваецца абмежавана.
Язгулямская (язгулёмская) – адна з індаеўрапейскіх моваў. Уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Горным Бадахшане ў даліне Язгулем (Таджыкістан). Колькасць носьбітаў – каля 3 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама таджыкскай, а часам и шунганскай. Тры функцыянальныя стылі: гутарковы, апавядальны (мовы традыцыйнага фальклору, гістарычных апавяданняў), арго. Мова выкладаецца ў пачатковай школе. У граматыцы спалучаюцца аналітызм і аглюцінацыя. Па склонах змяняюцца толькі займеннікі (назоўны, родны, укосны). Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і паслялогаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае формы абвеснага і загаднага ладу. У абвесным ладзе ужываюцца такія формы часу, як цяперашне-будучае, імперфект, перфект, плюсквамперфект. У загадным ладзе формаў часу няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы пераважаюць спаконвечныя, ўласна язгулямскія словы. Ёсць некаторая колькасць запазычанняў з арабскай і таджыкскай моваў. Русізмы трапляюць у язгулямскую мову пераважна праз пасрэдніцтва таджыкскай. Пісьмовасць на базе таджыкскага варыянта кірыліцы, выкарыстоўваецца абмежавана.
Якуцкая – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у якуцкую групу. Распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі Якуціі, дзе мае статус афіцыяльнай мовы. Колькасць носьбітаў – каля 313 тысяч чалавек, многія з іх валодаюць таксама рускай. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Даўжыня пазначаецца на пісьме падваеньнем галоснай літары. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах. Катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці і артыкляў няма. Прыметнік не дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку. Вельмі складаная сістэма часоў і ладоў дзеяслова. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай, мангольскай і эвенскай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове з 1922 г., з 1929 – на лацінскай графічнай аснове, а з 1939 г. – зноў на кірылічнай.
Яна – адна з моваў карэннага насельніцтва Амерыкі. Уваходзіць у хатана-сіўанскую моўную сям’ю. Была распаўсюджана ў паўночнай Каліфорніі. У цяперашні час цалкам выйшла з ужытку. Чатыры асноўныя дыялекты: паўночны, паўднёвы, цэнтральны, яхі. Пераважаюць сынтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, інкарпарацыя. Ёсць значныя адрозненні паміж мовай мужчын і кабет. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Яп – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Адна з моваў Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Распаўсюджаная на тэрыторыі штата Яп. Колькасць носьбітаў – каля 500 чалавек. Значная частка з іх валодае таксама ангельскай. Мова вельмі блізкая да палау. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Японская – адна з дзвюх япона-рукюскіх моваў, распаўсюджаная пераважна на тэрыторыі Японіі, дзе мае статус дзяржаўнай. Колькасць носьбітаў – каля 122 мільёнаў чалавек. Тры групы дыялектаў: усходняя, заходняя і паўднёвая. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па адзінаццаці склонах, можа ўтвараць формы множнага ліку, аднак яны ўжываюцца толькі калі значэнне множнасці не выводзіцца з кантэкста. У сістэме дзеяслова ёсць і аналітычныя формы. Націск музычны. Большасць складаў адчыненыя. У лексіцы шмат запазычанняў з кітайскай мовы. Вялікая колькасць анаматапаэтычнай лексікі. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасьць мае памешаны характар: нароўні з іерогліфамі кітайскага паходжання, якімі часцей за ўсё запісваецца корань слова, ўжываюцца два складавыя алфавіты: хірагана і катакана. Першая з іх ужываецца пераважна для фіксацыі граматычных фармантаў слова, а другая – для транскрыбавання замежных імёнаў і геаграфічных назваў. Найстаражытнейшыя помнікі пісаліся толькі іерогліфамі. Накірунак пісьма зверху ўніз. Накірунак радкоў справа налева.
Яхі – адзін з дыялектаў мовы яна.
Яцвяжская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у балцкую групу. Была распаўсюджаная да ХVIIІ стагоддзя ў рэгіёне паміж рэкамі Нёман і Нарэва. Потым яцьвягі былі асіміляваныя акаляючым іх польскамоўным і беларускамоўным насельніцтвам. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з беларускай і польскай моваў. Уласнай пісьмовасці і пісьмовых помнікаў не было. Інфармацыя аб яцвяжскай мове засноўваецца на нешматлікіх запісах этнографаў-аматараў. Найбольш значная крыніца ведаў па яцвяжскай лексіцы – рукапісны польска-яцвяжскі слоўнічак “Poganskie gwary z Narewu”.