І. У. КАЛІТА. МЕНТАЛЬНЫ КАМПАЗІТ БЕЛАРУСКАЙ ПАРЭМІІ.

Суб, 30 жніўня 2014

Беларуская мова

Цэтлікі: парэміі

Катэгорыі: Беларуская мова

(PAR?MIE N?ROD? SLOVANSK?CH IV. Sborn?k p??sp?vk? z mezin?rodn? konference konan? v Ostrav? ve dnech 20. -21.11.2008. Ostravsk? univerzita, Ostrava, 2009, ISBN 978-80-7368-647-5, 286 s., s. 94-99.)

Арыентаванасць сучаснай дыдактыкі вывучэння моў на стварэнне кампетэнцый міжкультурнай камунікацыі вядзе да пераасэнсавання ўсіх без выключэння моўных з’яў. Трансляцыя ведаў праз фонд парэміі займае спецыфічнае месца пры вывучэнні чужой мовы. Парэміі належаць да адзінак, якія карыстальнік мовы не засвойвае на першым этапе вывучэння. Этнакультуралагічная парадыгма складаецца паступова і абумоўлена засваеннем фонавых ведаў. В. Сысоеў выдзяляе тры асноўныя этапы, якія праходзіць чалавек у працэсе засваення іншай мовы: 1) этнацэнтрызм, 2) культурнае самавызначэнне, 3) дыялог культур. Паводле В. Сысоева, трэці этап павінен садзейнічаць фармаванню асобы – субъекта дыялога культур, здольнай папярэджваць міжнацыянальныя непаразуменні. Трэці этап – гэта выхад па-за межы лексічнага засваення і пераход у стан разумення ментальнага свету мовы.
У гэтай сувязі моўны план парэмій можна разглядаць ў кантэксце вучэння Ю. Караулава аб псіхаглосе, і тэорыі Барта, паводле якой сказ дэфінаваны як апошні лінгвістычны і першы транслінгвістычны ўзровень, які ў транслінгвістыцы павінен перарайсці ў тэкст, непасрэдна звязаны з сацыяльнай практыкай. Р. Барт адзначае, што “пераход у сферу транслінгвістыкі заключаецца ў тым, каб надаць выказванню некаторы дадатковы сэнс: так, будучы зачлененым ў сітуацыю апавядання, выказванне можа стаць аб’ектам камутацыі наступнага ўзроўню <...> Інакш кажучы, да таго моманту, пакуль выказванне не суаднесена з сітуацыяй, яно, з пункту гледжання звязнага тэкста, застаецца толькі прапазіцыйнай функцыяй без значэння”. (Барт 1978: 446)
Р. Барт прапаноўвае адштурхоўвацца ад лінгвістыкі, і ў яе межах верхняй граніцай аб'ектаў разглядаць узровень сказа. Спасылаючыся на Э. Бенвеніста, ён адзначае: “Сказ вызначаецца толькі праз свае кампаненты; ён падлягае сегментацыі, але не ўваходзіць ні ў якія больш крупныя адзінствы; гэта самы апошні ўзровень інтэграцыі моўных знакаў; ён складаецца са знакаў. Але сам знакам не з'яўляецца; тут канчаецца лінгвістыка і пачынаецца новая вобласць апісання – вобласць звязнага тэкста, элементамі якой могуць быць сказы <...>” (Барт 1978: 444).
Парэміі, якія аб’ядноўваюць малыя жанры фальклора (Норман 2007: 3) прымаўкі і прыказкі, афарызмы і крылатыя выразы, пацешкі і загадкі, лічылкі і дражнілкі), неаднародныя па сваёй функцыянальнай нагрузцы, але аб’яднаныя агульнай рысай сваёй узнаўляльнасці, а таксама прыналежнасцю да пэўнага ментальнага кантэкста, маюць права быць дэфінаваны як спецыфічны пласт (сказ) пераходнага ўзроўню. Іх неабходна разглядаць у параўнанні з парэміямі роднай мовы, дзе важным з'яўляецца менавіта той факт, што яны не перакладаюцца, а маюць ў іншых мовах падобныя, ці абсалютна іншыя варыянты, абумоўленыя фонавымі канстантамі, ці ў некаторых выпадках не маюць адпаведнікаў, таксама разглядаць іх як паказчык інаментальнага мышлення, іншага спосабу ўспрымання свету.
Фонавыя кампетэнцыі (культурна-нацыянальныя стэрэатыпы, эталоны, лінварэаліі) звычайна адлюстроўваюць прыналежнасць чалавека да адпаведнага ментальна-абумоўленага асяроддзя. Е. Верашчагін і В. Кастамараў фонавымі называюць веды, агульныя для удзельнікаў камунікатыўнага акта. Яны падзяляюць фонавыя веды на 1) агульначалавечыя, 2) рэгіянальныя, 3) звесткі, даступныя ўсім членам этнічнай і моўнай камуны. (Верещагин, Костомаров 1976: 210) Трэцяя група прэзентуе непасрэдна нацыянальную культуру, знітавана з краязанаўствам, гісторыяй і літаратурацэнтрычнасцю; гэта моўныя веды, якія не паддаюцца вывучэнню без знаёмства і асэнсавання элементаў ментальнай матрыцы народа. Б. Норман засцярожвае перад памылковым аднясеннем агульных культурна-эстэтычных крытэрыяў да асаблівасцяў нацыянальнай культуры (Норман 2007: 3), прапаноўваючы улічваць мінімальна тры фактары: коснасць, экспрэсіўнасць і амбівалентнасць.
Да названай класіфікацыі Е. Верашчагіна – В. Кастамарава можам дадаць знешні ўплыў (кампанент), якім азначым абумоўленае суседства і гістарычныя калізіі; элемент, які можа праяўляцца ў рознай ступені: мінімальна/максімальна, мець розныя віды і формы. Знешні кампанент праяўляецца шырокім спектрам уплываў ў развіцці моў малых па колькасці носьбітаў, і наадварот, нязначным ў колькасна вялікіх мовах. Знешні ўплыў можа праяўляцца дэфармавана, калі дзве мовы доўгі час знаходзяцца ў стасунках мажарытарная – мінорытная; шматлікія варыянты такой сітуацыі зараз назіраюцца ў постсавецкіх дзяржавах. Характарызуючы змены моў постсавецкай прасторы, можам казаць аб сацыялізацыі новых паняццяў праз узнікненне новых слоў і парэмій на аснове існуючых, добра вядомых, у тым ліку архаічных. Метафарызацыя працінае не толькі лексічныя адзінкі, але ў больш значнай ступені менавіта парэміі.
У беларускім кантэксце гэтая з’ява адлюстроўвае і сучасную моўную сітуацыю. Існаванне і пашыранае ўжыванне трасянкі ва ўсіх сферах, прыводзіць да ўзнікнення спецыфічных адзінак – парэмій, створаных на беларускай глебе, але агучаных па руску ці на трасянцы. Такія ўтварэнні, розныя па сваёй сутнасці і суаднесенасці з менталітэтам беларусаў, часта адлюстроўваюць нейкія часовыя змены, што закранаюць асобную групу, напрыклад, прадпрымальнікаў. У іх асароддзі, па прычыне шматлікіх вымушаных перарэгістрацый форм уласнасці, якія не змяняюць ні сутнасць, ні форму, але даюць толькі новую паперу, за якую трэба заплаціць, узнікла расшыфроўка аббрэвіятуры ЧУП (частное унитарное предрприятие) як чудом уцелевший предприниматель. Названы выраз існуе ў беларускім кантэксце на рускай мове ці ў трасянкавай фанетычнай адаптацыі для абазначэння беларускіх рэалій; у рускім кантэксце незразумелы, таму што не суадносіцца з адпаведнай сітауцыяй.
Ва ўсіх ўсходнеславянскіх мовах пасля распаду СССР назіраецца працэс пераасэнсавання існуючых парэмій, выкарыстанне іх як гатовых шаблонаў, у якія ўкладаецца новы змест з улікам новых сацыяльных адносін, ці ўсталяваных у мінулым стагоддзі, але раней табуізаваных, не абмяркоўваемых. Напрыклад, алкагольная тэма ў савецкі час была не ў пашане, у постсавецкі перыяд табу было знята. На падарункавых прадметах Брэсцкага лікёра-водачнага завода знойдзем: кто к нам с пивком придёт, тот за водочкой побежит (кто к нам с мечом придёт, тот от меча и погибнет, ці распаўсюджанае ў часы Вялікай айчыннай: ішоў да нас ваякам, а назад поўз ракам; у выпадку, калі выраз існуе на рускай мове, узнікае заканамернае пытанне, ці можам яго адносіць да парэмій беларускіх. У дадзеным выпадку і семантычна ён адлюстроўвае зразумелы код як беларусаў, так рускіх і украінцаў, але не будзе зразумелы, напрыклад, чэхам, таму што для іх піва з’яўляецца традыцыйным і больш прыдатным.
Дадзены аспект некаторым чынам дапамагае праясніць тэрмін славацкага моваведа Й. Сіпко, які ў сваёй манаграфіі называе літаратурацэнтрызм адной з галоўных рыс рускага народа. Гэты тэрмін можна аплікаваць на сітуацыю ў постсавецкіх краінах, таму што літаратурацэнтрызм абумоўлены існаваннем агульнай савецкай школьнай сістэмы з абавязковым вывучэннем рускай мовы і культуры, часта ў аб’ёме значна большым, чым сваёй нацыянальнай, гэта паспрыяла засваенню канцэптаў рускай культуры ўсімі народамі былога Саюза. Акрамя архаічных, да крыніц агульных парэмій адносяцца не толькі тэксты мастацкай літаратуры, але ў значнай меры тэкставы матэрыял эстрадных песень, фразы з кінафільмаў савецкага часу, якія зараз, у сувязі са значнымі сацыяльнымі зменамі ў грамацтве, губляюць сваю актуальнасць і вагу з той натуральнай прычыны, што малодшыя пакаленні цікавяцца іншымі фільмамі і музыкай.
Навейшыя беларускія парэміі, заснаваныя на беларускім лексічным матэрыяле, адлюстроўваюць сучаснасць, але не ва ўсіх можна выдзяляць кампазіт ментальнага бачання свету, часта яны толькі канстатуюць факт: што зарабіў, тое сцерабіў, якое па сваёй семантыцы зусім не новае, яно блізка па значэнню да каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце, ці каб не ежка ды адзежка, была б грошай поўна дзежка. Але ў некаторых можна бачыць і сталыя адзнакі нацыянальнага характару, напрыклад, беларуская традыцыйнасць, неахвота да змен: хочаш разарыцца, пасей грэчку і купі авечку. Праз гэты выраз беларускіх фермераў прасочваецца прывязанасць беларусаў да бульбы, як галоўнага нацыянальнага блюда, без яе ў штодзённым жыцці не абыходзіцца ні адна беларуская сям’я. Таму грэчка, хоць і з’яўляецца культурай прэстыжнай і цэннай, не заменіць беларусу бульбы. Цікавым пацвержанем таму з’яўляецца выбар тэматыкі дзяржаўных конкурсаў, як, напрыклад, праект KARTOFFEL (16.11.2008 Мінск), акі аб’яднаў некалькі мастацкіх накірункаў: паказ дакументальных і кароткаметражных анімацый, фотавыставу, перфомансы і прэзентацыю кліпа “Ляпіса Трубяцкога”.
Сімвалы нацыянальных канцэптаў могуць быць ярка выражанымі, ці ўвогуле не названымі, а прызначанымі для апазнання, слова бульба не гучыць ў названым вышэй хочаш разарыцца, пасей грэчку і купі авечку, не гледзячы на гэта, яно беспамылкова будзе ідэнтыфікавана беларусам, але не носьбітам іншай культуры. Таму пры імкненні вылучыць ментальны кампазіт парэмій, неабходна ўлічваць канцэпты канкрэтнай культуры, суаднесеннасць яе з сімваламі, прысутнымі на нацыянальнай тэрыторыі ад старажытнасці і зразумелымі для ўсіх носьбітаў пэўнай культуры.
“ <...> Звязныя тэксты накшталт апавядання аб нейкім здарэнні не існуюць у вакууме. Яны ствараюцца і ўспрымаюцца суразмоўцамі і слухачамі ў канкрэтных сітуацыях, у рамках шырокага сацыякультурнага кантэкста. Таму апрацоўка дыскурса – не проста кагнітыўная, але адначасова і сацыяльная падзея. <...> Гэта думка зразумелая, але тут мы хацелі б падкрэсліць, што сацыяльныя характарыстыкі дыскурса ўзаемадзейнічаюць з кагнітыўнымі. Інакш кажучы, кагнітыўная мадэль павінна адлюстроўваць той факт, што звязны тэкст і адпаведна працэс разумення тэкста ажыццяўляецца ў сацыяльным кантэксце. Гэта мы называем падмуркам (сацыяльнай) функцыянальнасці. Найбольш відавочны кагнітыўны вынік гэтага цверджання: карыстальнікі мовы канструююць уяўленні не толькі адпаведнага тэкста, але і сацыяльнага кантэкста, і гэтыя два ўяўленні ўзаемадзейнічаюць“ (Дейк, Кинч 1988: 159)
Пры суаднясенні і параўнанні славянскіх парэмій, многія з'явы, якія звычайна адносяць да рыс пэўнага нацыянальнага характару, знойдзем ў шырокім славянскім кантэксце. Напрыклад, kto pr?de medzi vrany, mus? kv?kat? jako ony (славацк.) – з ваўкамі жыць – па воўчы выць (бел.). Народы выпрацоўваюць падобныя ці цалкам ідэнтычныя арыенціры каштоўнасцей, якія адлюстроўваюць нацыянальную іманентнасць праз лінгварэаліі і нацыянальна-значымыя канстанты, як, напрыклад, ежа, святы, тапанімія, прыродныя асаблівасці, рэлігія, таксама светаўспрыманне, абумоўленае канкрэтным гістарычным суседствам з памежнымі нацыямі і нацыямі на сваёй тэрыторыі.
У аснову парэмій кладуцца асаблівасці, якія для носьбітаў ментальнай матрыцы не з’яўляюцца асаблівасцямі, але нормай, не адметнасцю, але прывычнай з’явай. Таму іх аплікацыя на іншыя жыццёвыя сферы выглядае натуральнай. Напрыклад, паводле колькаснай папуляцыі ваўкоў, Беларусь і сёння займае першае месца ў Еўропе, а наяўнасць воўка ў шматлікіх парэміях, зафіксаваных усімі беларускімі слоўнікамі, сведчыць пра архаічнасць з’явы і таму адаптаванасць да жыццёвых адносін.
АБ ВОЎКУ ПАМОЎКА, А ВОЎК ТУТ* (Говораць, калі ў гутарцы некага ўспамінаюць, а той у гэты час з’яўляецца. Насовіч: Пра воўка памоўка, а воўк з падналуску. Санько: Пра цыгана гамана, а ён і тут; Мы пра цыганку, а яна на ганку (а яна за клямку); Пра воўка памоўка, а ён на парог; Пра каго звоняць, таго і чэрці гоняць; Федароўскі: На воўка памоўка, а мядзведзь цішком (спадцішка); Аб воўку памоўка, а воўк тут (есць). (Аксамітаў 2002: 12);
АДРЫГНУЦЦА ВАЎКУ АВЕЧЫ СЛЁЗЫ* За зробленыя слабаму крыўды крыўдзіцель паплаціцца. Гаворыцца як перасцярога або пагроза крыўдзіцелю ці суцяшэнне пакрыўджанаму. Ляцкі: Адальюцца ваўку авечыя слёзкі; Грынблат: Адрыгнуцца ваўку кароўі слёзы; Федароўскі: Пабілі воўка гавечыя слёзы; Санько: Колькі б воўк ні валок, павалакуць і ваўка; Будзе і на крапіву мароз. (Аксамітаў 2002: 18);
ВАЎКА БАЯЦЦА, У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ* Калі баяцца цяжкай работы, то не варта наогул брацца за справу. Насовіч: Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць; Санько: Хто ваўкоў баіцца, па ягады не ходзіць; Баяўшыся трэску, і ў лес не трэба хадзіць. (Аксамітаў 2002: 25);
ВАЎКА НОГІ КОРМЮЦЬ* Каб дасягнуць чаго-н., трэба не сядзець на адным месцы, а выстарацца нечага карыснага. Федароўскі: Ваўка ногі жывяць (гадуюць); Санько: Пасланцамі воўк не сыты; старца кій корміць. (Аксамітаў 2002: 25);
ВАЎКОМ ВАЎКА НЕ ЗАЦКУЕШ* Калі злачынец пакрывае другога злачынца;
ВОЎК ДА ЛЕСУ ЦЯГНЯ* Так характарызуюць дзікаватага чалавека, які ігнаруе грамадскую думку, ухіляецца ад грамады;
ВОЎК І ЛІЧАНАЕ БЯРЭ* Пра злодзея, які бярэ апошняе;
ВОЎК САБАКІ НЕ БАІЦЦА, АЛІ ЗВЯГІ НЯ ЛЮБЯ* Надакучлівыя дакоры, прыдзіркі, абгаворы да людзей уплывовых з боку нікчэмных выклікаюць толькі агіду і непрыемную рэакцыю. Таксама пра высокіх чыноўнікаў-хабарнікаў, якія не баяцца людской гаворкі пра іх злачынствы, але гэтыя гутарка для іх дакучлівая. Насовіч: Воўк не баіцца сабакі, да звягі яго; Грынблат: Воўк сабакі не баіцца, ды звягі яго не любіць; Федароўскі: Воўк сабакі не баіцца, ды толькі звягу ненавідзіць (Аксамітаў 2002: 27);
ВОЎК, ДЗЕ ПЛОДЗІЦЦА, ТАМ НІ БЯРЭ*;
ВОЎЧА ДОЛЯ РАСЦЕ СКОРА*;
ВОЎК НЕ ЕЎШЫ, ЯК СЕЛЯНІН ПАГАРЭЎШЫ: ШТО ЎБАЧЫЦЬ, ТОЕ І ТРЭБА*;
У часы Вялікай айчыннай вайны:
КОЖНАМУ ВОЎКУ Ў ГОРЛА ПА АСКОЛКУ*;
ЖАРТАВАЎ ВОЎК З АГНЁМ, ДЫ Ў ЖМЕНІ ЗУБЫ ПАНЁС*.
Некаторыя з прыведзеных сустракаюцца ў рускай і ўкраінскай мовах, але трэба пазначыць, што вобраз воўка кожная з усходнеславянскіх моў інтэрпрэтуе па-свойму; акрамя агульных: и волки сыты, и овцы целы; укр.: і вовкі сыті, і козы цілі; бел, рус. і ўкр.: марскі воўк – пра вопытнага марака; ці глядзець як воўк на авечку; укр.: як голодні вовк на вівцю, сустракаем і адметныя, як, напрыклад, ва ўкр.: хоч вовк траву їж, адпаведнік рускай после нас хоть потоп.
Культурныя коды парэмій у розных мовах маюць універсальны характар, адрозненне палягае ва ўнутранай форме, рэалізуецца праз традыцыйныя вобразы, добра знаёмыя і зразумелыя для ўсіх носьбітаў этнічнай культуры. Ужыванне свініны ў беларускай кулінарнай традыцыі фіксуецца ў мове: не будзь ласы на чужыя кілбасы, ў рускай мове яму адпавядае на чужой каравай рот не разевай. Укр. носитися як дурень із ступою; носитися як баба із ступою; у рускай мове адпавядае носится как с писаной торбой, што існуе і ва ўкраінскай мове, але ў выглядзе носитися як [дурень (циган, старець)] з писаною торбою; носитися як курка з яйцем; носитися як з писанкой; носитися як чорт із гришною душею (Білоноженко 2003: 441).
Парэміі часта азначаюцца як маркеры сітуацый ці адносін. У сучасным кантэксце, калі многія парэміі праяўляюць тэндэнцыю да страты свайго першаснага значэння, яны тым самым канстатуюць змену маральных і этычных нормаў, якія ў розных культурах могуць супадаць ці мець супрацьлеглыя крытэрыі. Колькасць парэмій з пэўнай тэматыкай (як культурных і маральных дамінантаў) сведчыць пра актуальнасць/неактуальнасць пэўнай тэмы пры акцэптаванні знешніх і ўнутраных змен, пра пераасэнсаванне цалкавай карціны сучаснага свету канкрэтным народам.

Літаратура:
Аксамітаў, А. (2002) Прыказкі і прымаўкі. Мінск: Беларуская навука.
Барт, Р. (1978) Лингвистика текста In Новое в зарубежной лингвистике Выпуск VIII, М.: Прогресс.
Білоноженко, В., Гнатюк, С., Дятчук, В, Неровня, Н., Федоренко, Т. (2003) Словник фразеологізмів українскої мови. Київ: Наукова думка.
Buffa, F. (1998) Frazeologick? slovn?k pol’sko-slovensk?. Pre?ov: N?uka.
Верещагин, Е., Костомаров, В. (1976) Язык и культура М.: Русский язык.
Дейк, В., Кинч, В.: (1998) Стратегия понимания связного текста In Новое в зарубежной лингвистике. М.: Прогресс.
Иваницкий, В. (2008) Порча языка и невроз пуризма. / Інтэрнэт-партал РФ [Электронны рэсурс] / Доступ: http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/Linguist/Ivan/Ivan_PorJaz.php. – Дата доступа: 18.11.2008.
Караулов, Ю. (2008) Русская языковая личность и задачи ее изучения. / Інтэрнэт-партал РФ [Электронны рэсурс] / Доступ: http://www.nspu.net/fileadmin/library/books/2/web/xrest/article/leksika/aspekts/kra_art01.htm. – Дата доступа: 18.11.2008.
Калита, И. (2008) Изучение русского языка как иностранного или способ приобретения социокультурной компетенции In Sborn?k Sociokulturn? slo?ka v?uky ciz?ho jazyka a SERR, UJEP ?st? nad Labem – St?tn? odborn? ?kola v Ratibo?i, s.163 – 173.
Киселёв, И. (1991) Русско-белорусский фразеологический словарь. Минск: Народная асвета.
Крапотина, Т. (2007) Роль вторичной номинации в образовании новых фразеологических единиц. In Вестник МГОУ. Серия Русская филология, № 1, 2007, М.: Изд-во МГОУ.
Лепешаў, І., Якалцэвіч, М. (2002) Слоўнік беларускіх прыказак. Мінск: Беларуская навука.
Macha?ov?, E., Ponczov?, R. (2004) Lidsk? t?lo v ?esk? a polsk? frazeologii a idiomatice. Filozofick? fakulta Ostravsk? univerzity Nakladatelstv? Tilia.
Норман, Б. (2007) Славянские паремии: архаика и новации, мудрость и алогизм, In Opera Slavica. 2007, XVII. № 2, с. 1 – 12.
?erm?k, F., Holub, J., Hronek, J. a kol. (1994) Slovn?k ?esk? frazeologie a idiomatiky. Praha, Akademie.
Санько, З. (1991) Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак, фразем. Мінск: Навука і тэхніка.
Сипко, Й. (2008) В поисках истинного смысла. Прешов.
Янкоўскі, Ф. (2004) Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Мінск: Беларуская навука.

Abstract: The Mental Component of Belorussian Phraseologisms