А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Ц)
Цэтлікі: мовы света
Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства
Царкоўнаславянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Найстаражытнейшая літаратурная мова славян. Сфармавалася ў ІХ стагоддзі ў выніку перакладчыцкай і асветніцкай дзейнасьці Канстанціна Філосафа (Кірыла) і яго брата Мефодзія першапачаткава на базе балгара-македонскіх дыялектаў. Потым увабраў у сябе некаторую колькасць мараўскіх і ўсходнеславянскіх элемэнтаў. Шмат запазычанняў і калек з грэка-бізантыйскай. Вельмі багатая і распрацаваная рэлігійная тэрміналогія, звязаная з праваслаўным хрысціянствам. Для абазначэння найстаражытнейшага этапа разьвіцця царкоўнаславянскай мовы ўжываецца тэрмін “стараславянская”. У цяперашні час з’яўляецца літургічнай мовай праваслаўнай царквы ў Расіі, Беларусі, Сербіі, Балгарыі, Македоніі, Украіне. У Сярэднявеччы вылучаўся цэлы шэраг ізводаў (тэрытарыяльных варыянтаў) царкоўнаславянскай мовы. У цяперашні час царкоўнаславянская мова цалкам уніфікаваная ўва ўсіх праваслаўных славянскіх краінах. Галосныя гукі: [а], [о ] (на пісьме – Ўўўо і w), [у], [ы], [і] (на пісьме ?, и, v), [э] (на пісьме – е і h). Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. У літургічным вымаўленні рэдукцыя галосных у ненаціскнутай пазіцыі не дапускаецца. Націск эспіраторны, свабодны; можа адрозніваць асобныя словы і формы словаў; абавязкова пазначаецца на пісьме. Зычныя гукі: [б], [б’], [г], [г’], [в], [в’], [д], [д’], [ж], [з], [з’], [й], [к], [к’], [л], [л’], [м], [м’], [н], [н’], [п], [п’], [р], [р’], [с], [с’], [т], [т’], [ф], [ф’], [х], [х’], [ц], [ч], [щ]. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнікі у сучаснай царкоўнаславянскай мове размяркоўваюцца па чатырох скланеннях. Раней тыпаў скланення было больш. Назоўнік утварае формы адзіночнага, множнага і парнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – тектwнъ ‘цясляр’'', тектwна ‘два цесляры’, тектwни ‘цесляры’; родны – тектwна ‘цесляра’, тектwнu ‘двух цесляроў’, тектwнwвъ ‘цесляроў’; давальны – тектwн`u ‘цесляру’, тектwнома ‘двум цеслярам’, тектwномъ ‘цеслярам’; вінавальны – тектwна ‘цесляра’, тектwна ‘двух цесляроў’, тектwны ‘цесляроў’; творны – тектwномъ ‘цесляром’, тектwнома ‘двумя цеслярамі’, тектwны ‘цеслярвмі’; месны – (w) тектwнh ‘(аб) цесляру’, (w) тектwнu ‘(аб) двух цеслярах’, (w) тектwнhхъ ‘(аб) цеслярах’; клічны – тектwне ‘цесляру’, тектwна ‘два цесляры’, тектwни ‘цесляры’. Як і ў іншых славянскіх мовах тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў і катэгорыі акрэсьленасці / неакрэсленасці няма, хаця аўтары першых царкоўнаславянскіх граматык, напісаных на ўзор грэка-візантыйскіх, рабілі спробы інтэрпрэтаваць як артыкль некаторыя з указальных займеньнікаў. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне, утварае сінтэтычныя ступені параўнання. Складаная сістэма займеннікаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу (азъ несu ‘я нясу’), перфекта (азъ принеслъ есмь ‘я прынёс’), імперфекта (азъ несlbnn#хъ ‘я нёс’), аорыста (азъ несохъ ‘я нёс’), плюсквамперфекта (азъ бhхъ неслъ ‘я быў нёс’), будучага простага (азъ принесu ‘я прынясу’) і будучага складанага (азъ имамъ нести ‘я буду несці, я маю несці’). У загадным і ўмоўным ладзе формаў часу няма. Ёсць катэгорыя стану: залежны і незалежны. Наяўнасць катэгорыі трывання ў царкоўнаславянскай мове аспрэчваецца шэрагам навукоўцаў. З неасабовых формаў дзеяслова ёсць інфінітыў (канчатак –ти) і дзеепрыметнікі. Раней была таксама форма супіна (фармант –тъ), якая цяпер не ўжываецца. Характэрнай рысай царкоўнаславянскай мовы з’яўляецца вялікая колькасць гістарычных, марфалагічна значных чаргаваньняў гукаў: роука – въ роуцh, врагъ – врази. У парадыгмах назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў сустракаюцца асобныя суплетыўныя формы: человекъ – людіе, идu – шедъ, благ?й – оун?й (лепшы) і інш. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя, сустракаецца канверсія. Парадак словаў у сказе свабодны. У сінтаксісе шмат калек з грэка-візантыйскай. Так, характэрнай рысай царкоўнаславянскага сінтаксіса з’яўляецца канструкцыя “давальны самастойны”, якая не сустракаецца ў іншых славянскіх мовах: низшедшu coлнцu въ понтъ – “калі сонца спусьцілася ў мора”. У ХХ стагоддзі царкоўнаславянская граматыка знаходзіцца пад моцным уплывам з боку рускай мовы. Так, на літургіі часта можна пачуць замест класічнай формы меснага склона w патр?арсh зрусіфікаваную w патр?архh. Пісьмовасць на старакірылічнай графічнай аснове. Ужываюцца скарачэнні пад цітламі. Найстаражытнейшыя помнікі напісаныя так званым глагалічным алфавітам (менавіта ён і быў створаны Канстанцінам Філосафам). На беларускую мову, нягледзячы на тое, што першыя беларускія кнігі былі напісаныя па-царкоўнаславянску (напрыклад, Тураўскае Евангелле ХІ ст.), царкоўнаславянская мова амаль не паўплывала.
Цахурская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў шэрагу вёсак Рутульскага раёну Дагестана, а таксама ў памежных з ім раёнах Азербайджана. Тры дыялекты: цахурска-сувагільскі, гельмецка-курдульскі і сапунджынскі. Адзінай літаратурнай нормы няма. Прыблізная колькасць носьбітаў – 15 тысяч чалавек. Многія цахуры валодаюць таксама лезгінскай, азербайджанскай і рускай мовамі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, з’мяняецца па шаснаццаці склонах. Граматычнага рода ў традыцыйным сэнсе гэтага тэрміна няма, але ўсе назоўнікі размяркоўваюцца па чатырох класах. У першы клас уваходзяць назоўнікі, якія абазначаюць асобаў мужчынскага полу: дек ‘бацька’, дух ‘сын’”, чодж ‘брат’ і інш. У другі клас ўваходзяць словы, якія абазначаюць асобаў жаночага полу: хьунашше ‘кабета’, йед ‘маці’, йиш ‘дзяўчына’ і інш. Да трэцяга класу належаць словы, якія абазначаюць неразумныя адушаўлёныя істоты і рэчы, часьці цела: зер ‘карова’, кІукІ ‘лыжка’, уль ‘вока’. Чацвёрты клас складаюць пераважна назвы міталягічных істотаў, а таксама некаторых рэчаў: аьждгьа ‘дракон’, дев ‘пачвара’, йива ‘жалеза’. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае складаную сістэму дзеепрыслоўяў, якія часта ўваходзяйь у склад аналітычных формаў часу. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай і азербайджанскай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове з 1990 г.
Цэзская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў 47 вёсках Цунтынскага раёна Дагестана. Агульная колькасць носьбітаў— каля 12 тысяч чалавек. Многія цэзы трохмоўныя, валодаюць таксама рускай і аварскай. Паміж дыялектамі— значныя адрозненні, якія, аднак, не перашкаджаюць узаемапаразуменню моўнікаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнікі размяркоўваюцца па чатырох класах. Да першага класа належаць словы, якія абазначаюць асобаў мужчынскага полу: обийу ‘бацька’, къебед ‘кузнец’, жекІу ‘чалавек’ і інш. У другі клас ўваходзяць словы, якія абазначаюць асобаў жаночага полу, а таксама назвы некаторых рэчаў: бару ‘жонка’, гед ‘кашуля’, кунта ‘спадніца’ і інш. Трэці клас складаюць назвы жывёлаў, рыб, інсэктаў, а таксама назвы многіх неадушаўлёных рэчаў: оночу ‘курыца’, цей ‘медзведзь’, бесуро ‘рыба’, кІук ‘капялюх’ і інш. Да чацьвёртага класа належаць толькі назвы неадушаўлёных рэчаў: эмаду ‘казка’, атІ ‘пшаніца’, гІалІ ‘вёска’і інш. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, эргатыўны, родны І, родны ІІ, давальны, творны, параўнальны. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, мае складаную сістэму часоў і ладоў. Сынтаксіс эргатыўны. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з арабскай, аварскай, грузінскай, іранскіх, цюркскіх і рускай моваў. Большая частка запазычанняў з рускай трапляе ў цэзскую ўжо ў ХХ стагоддзі і звязаная з новымі рэаліямі, якія ўзніклі ў сувязі з уплывам рускай культуры: газет, печ, чайник, пабрика (фабрыка), айрапалан, машина. Пісьмовасці няма.
Цыганская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Колькасць носьбітаў тэрмінова невядомая. Розныя даследчыкі называюць лічбы ад 1 да 5 мільёнаў чалавек. Вялікія адрозненні паміж дыялектамі. Адзінай літаратурнай мовы няма. Агульнай для ўсіх дыялектаў і ўсіх рэгіёнаў распаўсюджання цыганаў пісьмовасці няма. Ужываюцца алфавіты, створаныя як на кірылічнай графічнай аснове, так і на лацінскай. Найбольш высокі сацыяльны статус цыганская мова мае ў Македоніі, дзе на ёй, апрача друкаваных выданьняў, вядзецца тэле- і радыёвяшчанне. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Націск свабодны, эспіраторны. Рэдукцыі ненаціскнутых галосных няма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, адкладальны, прыналежны, творны, клічны. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Прыметнікі дапасуюцца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае формы цяперашняга, будучага і мінулага часу. У лексіцы шмат запазычанняў са славянскіх, грэцкай і румынскай моваў.
Цэбуана (сэбуана) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінах. Колькасць носьбітаў – каля 13 мільёнаў чалавек (амаль чвэрць насельніцтва краіны). Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.У літаратурна-пісьмовых мэтах ужываецца вельмі абмежавана, не вытрымліваючы ў гэтай функцыі канкурэнцыі з дзяржаўнай тагальскай мовай.
Цьяма – тое жа, што ландума.
Суб, 30 жніўня 2014
Агульнае і параўнальнае мовазнаўства