А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Ч)

Суб, 30 жніўня 2014

Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Цэтлікі: мовы света

Катэгорыі: Агульнае і параўнальнае мовазнаўства

Чамалінская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў шэрагу вёсак Цумадынскага раёна Дагестана. Мова блізкая да аварскай. Колькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Два дыялекты: гакварынскі і гігатлінскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнікі размяркоўваюцца па пяці класах, утвараюць форму адзіночнага і множнага ліку, змяняюцца па склонах. Дзеяслоў мае складаную сістэму ладоў і часоў. Сярод неасабовых формаў дзеяслова – дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі, інфінітыў; канчатак апошняга – ла, або на. У лексіцы шмат запазычанняў з аварскай, арабскай, рускй і цюркскіх моваў. Цюркізмы звычайна трапляюць у чамалінскую праз пасрэдніцтва аварскай. Пісьмовасці няма.
Чамора – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Шмат рысаў збліжаюць яе з мовамі Філіпінаў. Распаўсюджаная на выспе Гуам і на Паўночна-Марыянскіх Выспах. Агульная колькасць носьбітаў – каля 80 тысяч чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, гавораць таксама па-ангельску. Галосныя гукі: [i], [e], [?], [a], [u], [o]. Зычныя гукі: [p], [b], [f], [v], [m], [t], [d], [s], [z], [?] (на пісьме перадаецца як ch), [?], [n], [l], [r], [?], [j], [k], [g], [?], [’], [h]. Націск амаль заўсёды падае на перадапошні склад. Назоўнік мае катэгорыі ліку (адзіночны, множны, парны), прыналежнасці, акрэсленасці/неакрэсленасці. Цікава, што займеннікі маюць формы толькі двух лікаў: адзіночнага і множнага. Эксклюзіўныя і інклюзіўныя формы. Дзеяслоў утварае формы мінулага акрэсленага часу (прэтэрыт), цяперашне-мінулага неакрэсленага (прэзэнс-імперфект), будучага акрэсленага і будучага неакрэсленага. Парадак словаў у сказе адносна свабодны, залежыць у значнай ступені ад сэнсавых адценняў і актуальнага дзялення сказа. Дапаўненне звычайна ідзе пасля дзеяслова. У лексіцы шмат запазычанняў з іспанскай і ангельскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У 1908 г. на мове чамора выданы пераклад Бібліі.
Чанская – тое жа, што лазская.
Чачэнская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, нахскую падгрупу. Колькасць носьбітаў – каля 800 тысяч чалавек. Амаль усе яны таксама валодаюць рускай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Усе назоўнікі размяркоўваюцца па шасці граматычных класах, утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па склонах. Дзеяслоў мае граматычныя катэгорыі класа, часу, ладу, трывання, ліку. Па асобах дзеяслоў не змяняецца. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай, арабскай, персіцкай і грузінскай моваў. Пісьмовасць першапачаткава засноўвалася на арабскай графічнай аснове, потым – на лацінскай, а з 1938 на кірылічнай графічнай аснове. У нядоўгі перыяд існавання незалежнай Чачэнскай дзяржавы адбывалася вяртаньне да лацінскай графікі.
Чжуанская – адна з тайскіх моваў. Распаўсюджаная ў Гуансі-Чжуанскім аўтаномным раёне Кітая. Колькасць носьбітаў – звыш за 13 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова тонавая, шэсць музычных тонаў. У Сярэднявеччы выкарыстоўвалася іерагліфічная пісьмовасць, створаная на ўзор кітайскай. У цяперашні час – пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Чжурчжэньская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Дзяржаўная мова Чжурчжэньскай імперыі, якая існавала з 1115 па 1234 г. на паўночным усходзе цяперашняга Кітая. Захавалася ў пісьмовых помніках. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з мангольскай, кітайскай і цюркскіх моваў.
Чоктаўская – адна з моваў карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі. Уваходзіць у мускогскую сям’ю, заходнюю групу. Колькасць носьбітаў звыш за 9 тысяч чалавек; пражываюць у ЗША ў рэзервацыях на тэрыторыі штатаў Аклахома, Місісіпі, Лузіана і Тэнесі. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх, назальных і неназальных галосных. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі полісінтэтызма. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, выкарыстоўваецца абмежавана.
Чуванская – адна з мёртвых моваў юкагірскай сям’і. Была распаўсюджаная ў раёне ракі Анадыр. Захаваліся пераклады 22 фразаў, запісаных у 1781 г. І. Бенцыгам і 210 словаў, запісаных Ф. Ф. Мацюшкіным. Пераважаюць сінтэтычныя формы перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Чувашская – адна з цюркских моваў, уваходзіць у булгарскую групу. Распаўсюджаная ў Чувашыі, дзе мае афіцыяльны статус, і ў памежных з ёй вабласцях Расіі. Колькасць носьбітаў – каля 1,4 мільёнаў чалавек. Два дыялекты: верхавы і нізавы. Літаратурная норма засноўваецца на нізавым дыялекце. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку (хула ‘горад’, хуласен ‘гарады’), змяняецца па васьмі склонах: назоўны, родны, давальна-вінавальны, месны, зыходны, творны, адмоўны, прычынна-мэтавы. Граматычнага роду няма. Дзеяслоў змяняцца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае таксама катэгорыі часу і ладу. У лексіцы пераважаюць спаконвечна чувашскія, у значнай ступені – агульнацюркскія словы. Ёсць запазычанні з рускай, арабскай, персіцкай, татарскай і мардоўскай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да XVIII стагоддзя.
Чукоцкая – адна з чукоцка-камчацкіх моваў. Распаўсюджаная ў Чукоцкай аўтаномнай акрузе Расіі. Колькасць носьбітаў – каля 11 тысяч чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Два асноўныя дыялекты: усходні (уэленскі) і заходні (певекскі). Літаратурная норма засноўваецца на ўсходнім дыялекце. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, інкарпарацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па склонах. Розныя даследчыкі налічваюць ад 7 да 9 склонаў. Спражэнне дзеяслова мае поліперсанальны характар. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы невялікая колькасць запазычанняў з эскімоскай, юкагірскай і рускай моваў. Пісьмовасць створаная ў 1931 г. на базе лацінскай графікі, а ў 1936 – пераведзеная на кірылічную графічную аснову. У пачатку ХХ стагоддзя чукоцкім пастухом Тэневілем была створаная арыгінальная ідэаграфічная сістэма пісьма, якая, аднак, шырокага распаўсюджання не атрымала.
Чулымска-цюркская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджана па берагах ракі Чулым, правага прытока Абі. Колькасць носьбітаў – меньш за 500 чалавек. Усе яны валодаюць таксама рускай. Два дыялекты: ніжнечулымскі і сярэднечулымскі. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных: jек ‘нячысцік’, jе:к ‘сківіца’. Націск падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны, творны. Граматычнага роду няма. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці: турам ‘мой горад’, туранг ‘твой горад’ і інш. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў, часоў, станаў. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з рускай. Мова беспісьмовая.
Чывенда – тое жа, што венда.
Чыкасаўская – адна з моваў карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі. Уваходзіць у маскогскую сям’ю, заходнюю групу. Колькасць носьбітаў – каля 1 тыс. чалавек; пражываюць у ЗША на Паўднёвым усходе Аклахомы побач з горадам Ада. Амаль усе яны нароўні з роднай мовай валодаюць таксама ангельскай. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Чылуба – тое жа, што луба.
Чырыпа – адна з моваў сям’і тупі-гуарані. Распаўсюджаная ўва ўсходнім Парагваі а таксама ў памежных з ім раёнах Бразыліі і Аргенціны. Агульная колькасць носьбітаў – каля 12 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Чытумбука – тое жа, што тумбука.
Чытымача – ізаляваная індзейская мова. Была распаўсюджана на тэрыторыі ЗША ў штаце Лузіяна. Выйшла з ужытку ў ХХ стагоддзі (апошні носьбіт памёр у 1940 г.). Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Чычэва – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў Малаві, Замбіі, Мазамбіку і Зімбабвэ. У Малаві мае статус дзяржаўнай (нароўні з агельскай). Агульная колькасць носьбітаў – каля 9, 3 мільёна чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Чэен – тое жа, што шаенская.
Чэшская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, заходнеславянскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да славацкай. Дзяржаўная мова Чэхіі. Колькасць носьбітаў – каля 10 мільёнаў чалавек. Чатыры групы дыялектаў: уласна чэшскія, ганацкія, сілезскія, мараўскія. Сістэма галосных характаразуецца супрацьпастаўленнем доўгіх і кароткіх (даўжыня па пісьме перадаецца надрадковым знакам (?): pas ‘пашпарт’, p?s ‘пояс’. У якасці складаўтваральных апрача галосных могуць ужывацца санорныя зычныя: prst ‘палец’, trh ‘рынак’, vlna ‘воўна’. Націск заўсёды падае на першы склад слова. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны – hrad ‘горад’, hrady ‘гарады’; родны – hradu ‘гораду’, hrad? ‘гарадоў’; давальны – hradu ‘гораду’, hrad?m ‘гарадам’; вінавальны – hrad ‘горад’, hrady ‘гарады’; творны – hradem ‘горадам’, hrady ‘гарадамі’; месны – v hradu ‘у горадзе’, v hradech ‘у гарадах’; клічны – hrade! ‘горадзе!’, hrady! ‘гарады!’. Тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, ніякі. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку, склоне і родзе, утварае ступені параўнаньня. Дзеяслоў зьмяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, мінулага часу незакончанага трывання, мінулага часу закончанага трывання, плюсквамперфекта, будучага часу закончанага трывання, будучага часу незакончанага трывання. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Галоўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя, сустракаецца словаскладанне. Лексіка літаратурнай мовы характаразуецца амаль поўнай адсутнасцю запазычанняў, што тлумачыцца пурыстычнымі настроямі дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Шмат штучна створаных словаў, такіх, як d?valo ‘тэатр’ obchod ‘крама’ і інш. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі належаць да ХІІІ стагоддзя.