КАЛІТА І. БЕЛАРУСКІЯ ЗАБАБОНЫ Ў ЧАСЕ І ПРАСТОРЫ
Катэгорыі: Беларуская літаратура
(Sborn?k z mezin?rodn? konference ?as v jazyce a v literatu?e; PF UJEP, ?st? nad Labem, ISBN 9780—7044-716-8, 2005, 466 s., s. 454–465.)
Менталітэт – з’ява, якая не заўсёды ўспрымаецца рознымі катэгорыямі людзей як нешта сур’ёзнае і каштоўнае. Але гледзячы вачыма чалавека адной нацыі на жыццё другой, якая мае іншую культуру, пачынаеш разумець больш – як сваю, так і чужую. Паняцце менталітэта ў новым рускім слоўніку Т. Ф. Яфрэмавай трактуецца наступным чынам: “Светаадчуванне, светаўспрыманне, прадвызначанае народна-нацыянальнымі традыцыямі, вобразам жыцця, мыслення, духоўнасцю” (Ефремова 2000, пераклад). Нацыянальныя традыцыі звычайна бяруць свой пачатак у міфалогіі, фальклоры. У залежнасці ад ступені развіцця сучаснай культуры і эканомікі нацыя можа выбраць розныя шляхі: 1) пакланяцца сваёй міфалогіі свядома ці падсвядома і ўспрымаць яе як жыццёвую норму, 2) успрымаць міфалогію як этап у гістарычным развіцці і сталенні нацыі, які на сучаснае жыццё не ўплывае. Цікавым момантам з’яўляецца падзел на ўспрыняцце свядомае і падсвядомае. Такое псіхалагічнае вымярэнне наўрад ці можа вызначыць чалавек сам на сабе. Дарэчным, на мой погляд, з’яўляецца параўнанне з псіхалогіяй і ўспрыманнем іншага народа. Міфалогія з’яўляецца элементам яднаючым, і ў тым выпадку, калі навязвае разнастайныя стэрэатыпы мыслення і паводзін. Беларуская міфалогія багатая і вобразная, яна мае агульнаславянскія карані, але і свае асаблівасці. Яе вытокі ў паганскім светаўспрыманні. Хрысціянства было ідэяй навязанай, і ў беларусаў на працягу стагоддзяў суіснавання двух розных светапоглядаў, атрымаўся арганічны сплаў дзвюх рэлігій, якія ўзаемна перапляліся. Паганскі светапогляд старажытнага беларуса шмат у чым падобны старажытнаяпонскаму сінто. Сінто – міфалогія і рэлігія, сінто – шлях ісціны. Богі называюцца Камі і іх шмат. Камі жывуць паўсюль – яны насяляюць горы, азёры, дрэвы. Чалавек некалі таксама стане Камі, але пасля смерці. Беларускую і японскую міфалогію аб’ядноўвае шырокаразвіты культ продкаў. Па японскіх уяўленнях чалавек не памірае, ён працягвае жыць як Камі. Беларусы ўшаноўваюць продкаў на Дзяды, Радаўніцу, Каляды і Вялікдзень, кожнае беларускае свята, якое мае паганскія карані, нясе ў сабе культ продка. Зварот да продкаў, просьба аб дапамозе фіксуецца і ў нацыянальнай вышыўцы. Вышываныя рэчы суправаджалі чалавека ад нараджэння і пасля смерці (ручнік вешаецца і сёння на крыжы). Арнаментальная знакавая вышыўка беларусаў значна адрозніваецца ад вышыўкі бліжэйшых суседзяў, перш за ўсё багаццем ўзораў і сімвалічнасцю. Кожны вышываны і тканы ўзор з’яўляецца сімвалам, у большасці выпадкаў азначае зварот да продкаў.
З паганскім пантэонам багоў звязаны вялікі пласт народных павер’яў, прымхаў і забабонаў. Яны, маючы свае карані ў сівой мінуласці, далі парасткі і ў наш час. Сучасны беларус прытрымліваецца народных святаў. На свята не прынята рабіць хатнія працы (шыць, вязаць, працаваць па гаспадарцы). Забабоны суправаджаюць чалавека ўсё жыццё ад нараджэння і да смерці. Дакладней сказаць, яшчэ ад нараджэння. Цяжарная жанчына мусіць прытрымлівацца адпаведных правілаў у сваіх паводзінах, каб дзіця нарадзілася здаровае і ў час. Напрыклад, цяжарная не павінна хапацца рукой за сваё цела, калі спужаецца, бо, лічыцца, што на гэтым месцы дзіця будзе мець пляму.
Чытаючы кнігу чэшскай пісьменніцы Ганны Сэдлмаеравай і параўноўваючы светаўспрыманне чэхаў і беларусаў, прыхожу да высновы, што беларус, не гледзячы на даўно прынятае хрысціянства, і сёння многа ў чым застаецца паганцам. Але не лічу гэта недахопам, а хутчэй, наадварот, – гэта выгада, старажытныя веды, якія дапамагаюць пазбягаць памылак ў жыцці. Назіраючы за падзеямі, што адбываюцца ў рамане Сэдлмаеравай “Дом” скрозь прызму беларускага выхавання, знахожу ў творы розныя цікавыя моманты, на якія, паводле беларускіх забабонаў, прамень святла падае інакш.
Галоўным героем – апавядальнікам з’яўляецца Дом. Дом расказвае аб сваім нараджэнні (пабудове) і аб сваіх жыхарах. „Vznikl jsem definitivn? na p?elomu stolet? a jen docela mihav? si vzpom?n?m na ?e?i o Haleyov? komet?, kter? se v t? dob? leckdo b?l, ?e p?inese konec sv?ta. Ale moji – abych tak ?ekl – rodi?e, se patrn? konce sv?ta neb?li, stav?li si naopak m? a stav?li si m? po??dn?“ (Sedlmayerov? 1993, 6).
Нетыповы герой, такім чынам, з’яўляецца апасродкаваным сведкам ўсіх падзей. Тым не менш, гэта жывая істота, якая любіць тых, хто ў ім жыве. У беларускай хаце заўсёды жыве дамавік, які сочыць за парадкам ў доме. У чэшскім доме Соўградаў дамавіка няма, але дом адухоўлены. Дом назірае, слухае, ведае ўсе таямніцы, але не можа нейкім карэнным чынам уздзейнічаць на падзеі вакол. Тое, аб чым расказвае Дом – людзі і іх лёсы. Дзеянне адбываецца ў Усці над Лабай – памежжа Чэхіі і Нямеччыны. Пытанне адрознасці чэхаў і немцаў паўстае сям-там з вуснаў герояў. Гаспадар дому Соўграда – чалавек, які цяжкай працай і мазалём зарабіў на пабудову дома. Ондржэй Соўграда вырошчвае садавіну і гародніну, сам прадае яе: “Nelenil a skl?zel z pole od p?lnoci, ozbrojen? lucernou, v n?? blikala sv?ce doma d?lan?, pral a ?kr?bal zeleninu pod studenou vodou od prvn?ho rann?ho ?svitu, cel? prok?ehl? a s prsty tuh?mi zimou a hlubok?mi puklinami, kter? ve?er mazal marn? jelen?m lojem“ (Sedlmayerov? 1993, 8).
Жонка Караліна – яго сапраўднае каханне, з якога, як кветкі, нараджаюцца дзеці. Чэшская сям’я мае нямецкую прыслугу і няньку. Гаспадыня, ставячыся да прыслугі добра, усё ж мае сваю тэорыю адрознасці нацый. „Ur?it? by byla pan? Karolina R?zi vyhodila z domu, proto?e podle tehdej??ch z?sad bylo d?n? za vraty n?co odli?n?ho od d?n? v lo?nici, ale R?zi byla jednak ve dne neoby?ejn? spolehliv? u d?t? a det? ji z nevysv?tliteln?ch d?vod? m?ly r?dy, ale slou?ila sou?asn? jako mimo??dn? doklad paniny teorie: ?e?ka do kuchyn?, N?mka do postele“ (Sedlmayerov? 1993, 20).
Шчасце жыве ў Доме Соўградаў. Але прыходзіць нечаканае і незразумелае для Дома – вайна. Гаспадар пакідае свой Дом, а жонка здраджвае мужу і памірае. Абражаны і раз’юшаны, паранены Соўграда, вярнуўшыся з вайны, бярэ за жонку немку Рэзі – няньку сваіх дзяцей і прадае Дом.
Канец першай жыццёвай гісторыі, якая належыць Дому – трагічны, з гэтага моманту пачынаецца своеасаблівая “адплата”, перш за ўсё чужых грахоў, якія былі ў гэтым доме. В. Іпатава, аўтарка беларускага гістарычнага раману, у вусны сваёй гераіні – паганскай жрыцы Жывены ўкладае наступныя словы: “...дух і справы даўно памерлых ўсё яшчэ жывуць з іхнімі рэчамі. Таму такімі асцярожнымі трэба быць з даўніною, якая пераходзіць ад пакалення да пакалення, несучы з сабой не толькі добрае” (Іпатава, 2002). Адразу ўзгадваюцца рэчы, якія Каралінін бацька купляў для іх пры ўсіх магчымых выпадках у крамах, якія крахавалі – рэчы з чужога няшчасця. Беларус прытрымліваецца погляду: лепш сваё старое, чым чужое залотое. І здрада Караліны – якая забіла сям’ю.
Першая сусветная вайна скончылася і Дом купілі новыя людзі – нямецкая сям’я Гарз. Адухоўленая істота – Дом бароніцца, гаспадары не падабаюцца яму. Новыя ўладальнікі з’яўляюцца лагічным пацьверджаннем тэорыі адплаты. Пражываючы свой
ўласны лёс, разам з тым, як бы працягваюць гісторыю, дакладней, яе магчымы варыянт.
Першая гаспадыня Караліна памерла ад няўдала зробленага ў хатніх умовах аборту. Паспрабуем уявіць, як склалася б яе жыццё далей, калі б яна выжыла. Сэдлмаерава дае нам лёс другой сям’і, якая мае дачыненне да першай толькі тым, што купіла іх дом і будуе сваё жыццё ў ім. Але нямецкая сям’я – гэта адзін з магчымых варыянтаў працягу першай гісторыі ў той самай прасторы, але ў іншым часе і з папраўкай на нацыянальныя адрозненні. Што гэта за варыянт? Новая гаспадыня Труда пайшла замуж за знаёмага, да якога не мела ніякіх пачуццяў. Зрабіла гэта з той прычыны, што была цяжарная, а бацька яе дзіцяці іх далейшым лёсам не цікавіўся. Спадар Гарз – чалавек высакародны: „Nevadilo mu, co tenkrat Schichtov? pokl?dali za hrozn?, a nikdy, pokud pamatuji, za cel? ?ivot Trud? nep?ipomn?l, ?e mu mimo m? a p?im??en?ho v?na p?inesla do man?elstv? jest? tak? ciz? d?t?“ (Sedlmayerov? 1993, 65). Спадар Вільгельм Гарз, зрабіўшы рыцарскі ўчынак, за сваё дабро, аднак, атрымлівае адплату: „...pan? se milovala s komin?kem, listono?em, pokr?va?i, prost? s ka?d?m, kdo cht?l a kdo se naskytl, a nav?c jezdila dvakr?t t?ikr?t doroka do l?zn?, o n?ch? se nemluvilo, ale kde – jak jsem poznal, kdy? se navracela – si u?ila sv?“ (Sedlmayerov? 1993, 67). Спадар Гарз – вынаходнік па прызванню, зразумеўшы сітуацыю, не ператварае з гэтай прычыны жыццё сваёй сям’і ў пекла, увесь час праводзіць, можна сказаць, жыве ў сваёй майстэрні, дзе робіць вопыты і вынаходніцтвы. Два сыны, якія растуць у сям’і – Жорж і Віллі – розныя як зямля і неба. Жорж Гарз вырастае добрым чалавекам, Віллі памірае маладым ад хваробы, якую ў многім завініў сам. Быў непрыемным і зайздросным, нават у апошнія тыдні свайго жыцця. Адухоўлены дом у сваіх разважаннях – „ …nemohl jsem pochopit, ?e je tak zly a olizuje bratrovu l??ci nebo mu plive do kapesn?ku, aby to nikdo nevid?l, ale s touhou nakazit ho, nech?pal jsem, pro? chod? lehat do postel? slu?ek a plat? jim stokorunami, aby se s n?m milovaly a on jim mohl sv? sliny vpravit na rty“ (Sedlmayerov? 1993, 91-92).
Па беларускай традыцыі нованароджанаму не даюць імя сваяка, які быў нядобрым чалавекам, таму што лічыцца, што ягоныя дрэнныя ўласцівасці пяройдуць да дзіцяці. Па другое, дзіцяці не даюць імя сваяка, які памёр у маладым узросце ці ад цяжкай хваробы. Гэты беларускі звычай невядомы і бліжэйшым суседзям – рускім. Сын рускага класіка Льва Талстога ў сваёй кнізе ўспамінаў “В Ясной Поляне. Правда об отце и его жизни” піша: “У нашай сям’і існуе прыкмета, што нашы Мікалаі доўга не жывуць. Так, дзед наш, бацька Льва Мікалаевіча, памёр маладым, таксама маладым памёр і дзядзька Мікалай Мікалаевіч, бацькаў брат; потым у дзіцячым узросце памёр наш уласны маленькі брацік Міколка, і нарэшце, памёр у брата Іллі – таксама ў дзіцячым узросце – ягоны Мікалай. Сын Марыі Мікалаеўны не пазбег агульнага наканавання. Зараз у нашай сям’і німя ніводнага Мікалая” (Толстой, 1923, пераклад).
У рамане Седлмаеравай “Дом” імя Віллі атрымлівае хлопчык, які нараджаецца ў ягонага брата Жоржа. Гэта ўжо час другой сусветнай вайны. „O v?noc?ch za?alo d?t? chodit. V dubnu ?eklo prvn? mama. Za ?trn?ct dn? potom ho ve t?i hodiny odpoledne zabil i s d?de?kem Wilhelmem na ?ahrad? od?t?pek ?koln? zdi. Na ?kolu, plnou eses?k?, dopadlo sedm bomb, na mou zahradu p?t. Cel? ?st? se ve ?tvrthodin? zm?nilo v trosky“ (Sedlmayerov? 1993, 114). Праз пару дзён адвялі і Труду з Арыяднай – маткай Віллі, для дэпартацыі – як немак, а значыць ворагаў, адказных за ўсе ідэі Гітлера.
Трэцяя сям’я, якая становіцца ўласніцай Дому, прыходзіць пасля вайны. Дом моцна пашкоджаны, і па ўсім відаць, што лягчэй пабудаваць новы, чым адрамантавць гэты. Але доктара Голіцкага зачароўвае месца, Крушнагорскае наваколле і рэшткі былой велічы гэтага дома, дэталі, што захаваліся і прамаўлялі аб былым. Дом ужо на першы погляд успрымае свайго новага гаспадара, яму адразу ясна, што яны належаць адзін аднаму, у доктары Голіцкім Дом знаходзіць найлепшыя рысы ўсіх сваіх папярэдніх гаспадароў. І не памыляецца. ям’я Голіцкіх кладзе ўсе свае сілы і грошы на тое, каб дом аднавіць.
Аўтарка выкарыстоўвае цікавы прыём – прасторай служыць Дом, а людзей – гаспадроў Дома розных часоў яна збірае ў пэўны час разам. Час ператвараецца ў абстракцыю, істотная толькі прастора, прастора канцэнтруе думкі, якія нарадзіліся тут ў розны час, але ў кожнага героя час свой. Прастора – Дом, у якім кожнаму з герояў было добра, кожны перажыў тут нешта ў свой час. Час мае пераемнасць, ён цячэ: даўняе належыць Соўградам, нядаўна перажытае і страчанае – Гарз, і будучыня, як здаецца, Голіцкім. Сэдлмаерава сумяшчае час у прасторы. Ваеннапалонныя немцы рамантуюць Дом Голіцкіх; сярод іх апынуўся малодшы сын Соўградаў. Што можа адчуваць чалавек, які на сваёй зямлі лічыцца чужынцам і мусіць працаваць на аднаўленні свайго ад нараджэння, але зараз чужога Дома? Ондраш робіць спробу спаліць Дом, але віна за гэтую спробу ўскосна кладзецца на другую гаспадыню Дома – спадарыню Труду Гарз, якая перад дэпартацыяй прыходзіць паглядзець на свой – чужы Дом. Лёс галоўнага героя незайздросны, ён любімы, кожная душа ў ім мае свой час для шчасця, але час гэты абмежаваны. Лёсам наканавана так, што прыйдзе час з яго адысці. Кожны наступны прыходзіць як бы на чужое няшчасце, хаця ў гэтым не вінаваты, аплочвае нейкія памылкі іншых.
У беларускай вышыўцы вобраз птушкі шматзначны. Сэнс вышытага недасведчанаму трэба тлумачыць, таму што галубы, якія ідуць у адзін бок азначаюць пачатак кахання ці заляцанні, калі паміж галубамі, павернутымі адзін да аднаго вышыта кветка – гэта азначае каханне ў росквіце, моцныя пачуцці. Але птушкі, павернутыя адна да адной не галоўкамі, а хвастамі азначаюць канец кахання. Акрамя гэтага існуюць іншыя нюансы, напрыклад, узнятыя крылы сведчыць аб вірлівым, трагічным каханні. І зусім іншы сэнс нясе вышытая зязюля. Гэта сімвал жанчыны ў смутку. Сэнс яе смутку патлумачаць іншыя ўзоры: зоркі – гэта дзеці, кветка – страчанае каханне, лёс удавы.
Птушка – шматсэнсоўны сімвал беларускага фальклору тлумачыць будучыню. Нейкая птушка, якую дагэтуль каля Дома ніхто не бачыў, прылятае да Доркі. Невядомая птушка – сімвал нязведанай будучыні, у якую кожны глядзіць з надзеяй. Але радасць Доркі азмрочвае зайздросны кватарант, які птушку забівае. Забітая птушка не можа быць сімвалам шчасця. І ўжо зусім наканавана трагічна выглядае цяжарнасць Доркі, адзінай дачкі Голіцкіх, якая чакае двойню ад мужчыны, у якога незадоўга перад тым загінулі абодва сыны – блізняты. Чалавечая зайздрасць нішчыць і разбурае Дом і плацяць за гэта яго апошнія жыхары – Голіцкія і яшчэ ненароджаныя двайняты. Гэта здаецца несправядлівым, але ўначы Дом упаў...
„Nevydr??m. Nemohu vydr?et. J?, p??li? star?, p??li? slaby, p??li? bezmocn? d?m. J? a vy. Nemohu padat jinak, nedovedu se z??tit mimo v?s. Ach, Josefe, Dorlo! Ale pro?? Sly??te, jak je?t? k?i??m? Pro?? Pro?? Pro?, kdy? nen? v?lka?
Ten den se psal dvac?t? prvn? srpen tis?c dev?t set ?edes?t osm“ (Sedlmayerov? 1993,212).
Выкарыстоўваючы беларускія стэрэатыпы як своеасаблівы трафарэт для ацэнкі вобразаў і падзей ў чэшскім рамане, знаходжу, што раман ў беларускім прачытанні набывае рысы сімвалісцскага. Тэрмін сімвалізм у адносінах да Сэдлмаеравай будзе гучаць парадаксальна для чэха, таму што раман напісаны ў манеры рэалістычнай, без прэтэнзій на падтэксты. Ды нельга назваць раман “Дом” Г. Сэдлмаеравай цалкам рэалістычным. Галоўным героем, ад імя якога вядзецца апавяданне, з’яўляецца дом – Дом адухоўлены. Беларускія забабоны дапамагаюць знайсці шматлікія кантэксты, узаемапранікаючую сістэму вобразаў, кожны з якіх з’яўляецца сімвалам. Вобразы ідуць па спіралі часу, ў кожным наступным адчуваем рэшткі часу мінулага і нараджэнне будучыні.
Літаратура
Іпатава, В. Альгердава дзіда. Мінск: “Беллітфонд” 2002
Кацар, М.С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. Мінск:” Беларуская Энцыклапедыя” 1996 Sedlmayerov?, A. D?m. Praha: V r?ji 1993
Толстой, Л.Л. В Ясной Полянъ. Правда объ отцъ и его жизни. Прага: “Пламя” 1923
Фадзеева, В. Беларускі ручнік. Мінск: Полымя 1994
Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “БелСЭ” 1989
www.gramota.ru
Пнд, 20 кастрычніка 2014
Беларуская літаратура